У 2023 годзе споўнілася 30 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Іран. Усе гэтыя гады былі напоўнены сяброўствам, супрацоўніцтвам, якое нязменна развіваецца, а таксама эканамічнымі, культурнымі і гуманітарнымі сувязямі паміж народамі.
Да ўдзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай па ініцыятыве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, звярнуліся з прывітальным словам рэктар БДУ Андрэй Кароль і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь спадар Алірэза Санеі.
Андрэй Кароль адзначыў, што мерапрыемства, якое з'яўляецца важным крокам да паглыблення партнёрскіх адносін Беларусі і Ірана, будзе садзейнічаць іх развіццю ў галіне адукацыі і навукі. Ён таксама выказаў спадзяванне, што форум стане плённай пляцоўкай для абмену ідэямі, навуковымі адкрыццямі і практычным вопытам, а таксама прывядзе да новых сумесных перспектыўных праектаў.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь спадар Алірэза Санеі падкрэсліў, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў сакавіку 2023 года ў Іран стаў пераломным момантам у адносінах дзвюх краін. Галоўнае дасягненне - падпісанне дарожнай карты ўсёабдымнага супрацоўніцтва Беларусі і Ірана на 2023-2026 гады, якое стала ключавой сферай узаемадзеяння дзвюх краін. У складанай геапалітычнай абстаноўцы Беларусі і Ірану ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў у развіцці двухбаковага гандлю і інвестыцый. Па выніках 2022 года тавараабарот паміж нашымі краінамі вырас больш як у тры разы. Дасягнуты розныя пагадненні ў сферы транспартнай лагістыкі, аднаўляюцца прамыя авіязносіны паміж Тэгеранам і Мінскам, дасягнуты дамоўленасці па банкаўскіх узаемаразліках, падпісана дамова аб пастаўцы 400 тысяч тон калійных угнаенняў з Беларусі ў Іран.
Алірэза Санэі таксама прывёў факты, якія сведчаць аб дасягненнях Ірана на міжнароднай арэне. Напрыклад, у сферы нанатэхналогій краіна займае 4-ю пазіцыю пасля Кітая, Індыі і ЗША. Іран уваходзіць у дзясятку краін, якія валодаюць сучаснымі касмічнымі тэхналогіямі, і з'яўляецца дзявятай краінай, якая змагла самастойна запусціць спадарожнік. У 2022 годзе Іран заняў 15-е месца ў свеце ў галіне медыцыны. 97% лекаў, неабходных краіне, робіцца ў самім Іране. Цяпер на рынку прадстаўлена тэхналагічная прадукцыя больш як 7 тысяч навукаарыентаваных кампаній. Каля 70 працэнтаў іх з'яўляюцца вытворчымі і маюць высокі ўзровень тэхналогій. У Іране дзейнічае 51 навукова-тэхналагічны парк, у якіх задзейнічаны 11,9 тыс. тэхналагічных аб'ектаў. У 2022 годзе Іран - трэці па велічыні вытворца газу ў свеце і восьмы - па аб'ёмах нафты. Фота 2
Адным з важных напрамкаў, якому неабходна ўдзяляць увагу, дыпламат лічыць супрацоўніцтва паміж навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі і арганізацыямі Беларусі і Ірана.
Дырэктар інстытута Наталля Берчанка ў сваім выступленні акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на перспектывах эканамічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Ісламскай Рэспублікі Іран. Беларусь, валодаючы развітымі прамысловым, сельскагаспадарчым, аграпрамысловым комплексамі, гатова прапанаваць Ірану шырокі спектр сучасных высокатэхналагічных тавараў.
Асноўныя пазіцыі экспарту з Рэспублікі Беларусь у гэту краіну - угнаенні мінеральныя або хімічныя калійныя (61,4 працэнта да аб'ёму беларускага экспарту ў Іран), лесаматэрыялы падоўжна распілаваныя (14,5 працэнта), папера газетная ў рулонах і лістах (2,1 працэнта) . Важнымі напрамкамі ў развіцці супрацоўніцтва ў галіне машынабудавання з'яўляюцца сельскагаспадарчая тэхніка, аўтамабілебудаванне, чыгуначнае машынабудаванне, пад'ёмна-транспартнае абсталяванне, будаўнічая і кар'ерная тэхніка. Сярод перспектыўных напрамкаў - удзел сумесна з Расіяй у праектах па будаўніцтве аб'ектаў энергетыкі (неабходнасць стварэння новых генерыруючых магутнасцей і будаўніцтва электрасетак у Іране), ваенна-прамысловае супрацоўніцтва (мадэрнізацыя існуючага ўзбраення і супрацоўніцтва ў галіне беспілотнай авіяцыі). Фота 3
Цікавасць ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікалі таксама даклады "Іран у кантэксце ШАС" (старшы выкладчык кафедры ўсходазнаўства БДУ Юрый Шаўцоў) і "Транспартны калідор "Поўнач-Поўдзень": еўрапейскі аспект" (дацэнт кафедры эканамічнай палітыкі і дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Ала Шаўцова).
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Мінскага аддзялення БелГПП, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Усе навіны