Бел
Контакты
Тэлефон/факс: +375 (17) 271-02-78
E-mail:  gnu-niei@niei.by
Адрас: 220086, г. Мiнск, вул. Славінскага 1, корп.1
24.01.2024

28 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускай навукі. Гэта прафесійнае свята вучоных, спецыялістаў і даследчыкаў – усіх, хто звязаны з навуковай і інавацыйнай дзейнасцю. Будні вучонага – складаная, адказная, але вельмі цікавая праца, напоўненая адкрыццямі, новымі ведамі і здзяйсненнямі.

Навука ва ўсе часы з'яўлялася магутным рэсурсам эканамічных пераўтварэнняў, найважнейшым складнікам нацыянальнага багацця, рухаючай сілай тэхнічнага прагрэсу.

Беларуская навука мае багатую гісторыю. Ужо ў Х стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавалі адукацыйныя цэнтры, дзе вывучаліся розныя навуковыя дысцыпліны. Пасля, са стварэннем Беларускай акадэміі навук у 1929 годзе, навуковая дзейнасць у краіне атрымала афіцыйнае прызнанне і пачала развівацца яшчэ хутчэй.

Дзень беларускай навукі – гэта выдатная нагода адзначыць дасягненні і ўклад беларускіх вучоных у розныя галіны ведаў. Адной з такіх абласцей з'яўляецца эканамічная навука, якая адыгрывае важную ролю ў развіцці краіны. У сучасным свеце поспехі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы напрамую залежаць ад навуковага прагрэсу, дынамічнага ўкаранення найноўшых тэхналогій.

Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца галаўной навукова-даследчай установай па падрыхтоўцы дзяржаўных стратэгій, прагнозаў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўным прагназаванні і праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь".

Супрацоўнікі інстытута праводзяць даследаванні ў галінах макрапрагназавання, распрацоўкі дзяржаўных праграм, развіцця прамысловага комплексу, праблем дэмаграфіі, рэгіянальнага развіцця, прыродакарыстання і развіцця "зялёнай эканомікі". НДЭІ - адзіная арганізацыя ў краіне, якая ажыццяўляе падрыхтоўку доўгатэрміновага дэмаграфічнага прагнозу развіцця Рэспублікі Беларусь у разрэзе полаўзроставых груп і тэрыторый, і якая праводзіць кан'юнктурныя абследаванні эканомікі ў поўнай адпаведнасці з метадалогіяй Еўрапейскай камісіі. Адзін з напрамкаў дзейнасці - сістэмнае даследаванне праблем рэгіянальнага развіцця, патэнцыялу і канкурэнтных пераваг абласцей, горада Мінска, раёнаў і гарадоў Рэспублікі Беларусь, навукова-метадычнае забеспячэнне і распрацоўка канцэптуальных падыходаў да дзяржаўнага рэгулявання рэгіянальнага развіцця.

НДЭІ забяспечвае падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.

У інстытуце працавалі вядомыя ў Беларусі вучоныя-эканамісты, якія ў розныя гады ўзначальвалі Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: Уладзімір Шымаў (1996-2002 гг.), Мікалай Зайчанка (2003-2009 гг.), Аляксандр Чарвякоў (2020-2023 гг.), Юрый Чабатар (у цяперашні час).

З 1997 года ў НДЭІ выдаецца штомесячны навукова-публіцыстычны часопіс "Эканамічны бюлетэнь НДЭІ Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь" (галоўны рэдактар - доктар эканамічных навук, прафесар Якуб Аляксандравіч), з 2007 года - перыядычны зборнік навуковых прац "Эканоміка, мадэляванне, прагназаванне" рэдактар - доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Міхаіл Краўцоў).

НДЭІ мае статус паўнапраўнага члена Кансорцыума эканамічных аналітычных (мазгавых) цэнтраў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва; з'яўляецца ўдзельнікам Еўразійскага інфармацыйна-аналітычнага кансорцыума; падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Інстытутам народнагаспадарчага прагназавання Расійскай акадэміі навук, Інстытутам эканамічных даследаванняў Міністэрства нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Казахстан, іншымі замежнымі даследчымі структурамі; наладжана супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з Еўразійскай эканамічнай камісіяй, Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ), ПРААН і інш.

Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь уносіць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай рэспублікі. Дзякуючы дзейнасці кожнага, хто аддана служыць навуцы - і прызнаным, і маладым навукоўцам, навуковы патэнцыял НДЭІ працягвае расці.

Паважаныя ветэраны, супрацоўнікі, калегі! Віншуем вас з Днём беларускай навукі. Жадаем поспехаў у прафесійнай дзейнасці, плённай працы ў камандзе аднадумцаў, радасці адкрыццяў, моцнага здароўя, мэтанакіраванасці і новых навуковых дасягненняў. 
Усе навіны