80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - знакавая падзея ў жыцці беларускага народа.
Напад нацысцкай Германіі і яе сатэлітаў паставіў пад пагрозу існаванне не толькі дзяржаўнасці СССР, але і будучыню многіх народаў Савецкага Саюза, у тым ліку і беларускага. Найбольш драматычныя падзеі пачатковага перыяду вайны разгуляліся на беларускай зямлі.
Загадчык аддзела мабілізацыйнай падрыхтоўкі эканомікі Алег Мачкодан у сваім выступленні падкрэсліў: «Менавіта ў Беларусі гітлераўцы сустрэлі супраціўленне, якога не адчулі ні ў адной з ваенных кампаній у Еўропе. Бітвы на беларускай зямлі ў чэрвені-жніўні 1941 г. садзейнічалі зрыву германскага плана «маланкавай вайны» з СССР. На тэрыторыі нашай краіны кровапралітная вайна працягвалася доўгія 3 гады 1 месяц і 6 дзён. З першых дзён вайны беларусы праявілі нябачаную самаадданасць, адвагу і мужнасць. Гэта быў усенародны рух супраціву, накіраваны на адстойванне незалежнасці сваёй Айчыны і вызваленне свету ад карычневай чумы».
Ключавую ролю ў набліжэнні Вялікай Перамогі адыграла Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя "Баграціён" (23 чэрвеня-29 жніўня 1944 г.), якая стала ўзорам палкаводчага мастацтва. Гэта найбуйнейшая ваенная аперацыя мела выключнае значэнне для беларусаў. Таму зусім не выпадкова дзень вызвалення сталіцы нашай рэспублікі - 3 ліпеня - выбраны Днём Незалежнасці як сімвал свабоды і любові да Радзімы, за якую беларусы аддавалі самае каштоўнае - свае жыцці.
Перыяд станаўлення Беларусі як самастойнай дзяржавы стаў чарговым суровым выпрабаваннем для беларускага народа. За 80 гадоў, якія прайшлі з моманту кровапралітнай вайны, дзякуючы тытанічнай працы і самаадданасці цэлых пакаленняў створана краіна, якая дынамічна развіваецца і займае лідзіруючыя пазіцыі ў многіх сферах на сусветнай арэне.
Забыцьцё трагічных старонак гісторыі – небясьпечная тэндэнцыя. Пакуль Захад ахоплівае неанацысцкая рэвалюцыя, Беларусь працягвае адстойваць і берагчы памяць аб бязмернай мужнасці і гераізме савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І гэта - важная зброя ў эпоху перапісвання гісторыі.
Сацыялагічнае даследаванне Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, праведзенае ў І квартале 2024 г., сведчыць, што абсалютная большасць беларусаў (91,9%) ганарацца тым, што жывуць у адной з краін, якія атрымалі перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Пры гэтым, як паказвае апытанне, Вялікая Айчынная вайна для большасці жыхароў нашай краіны - гэта гераічны подзвіг савецкага народа (адказала 56,8% апытаных), Вялікая Перамога бацькоў і дзядоў (55,6%).
Захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа - пытанне нацыянальнай бяспекі нашай дзяржавы і народа, які з'яўляецца спадкаемцам пераможцаў.
Старэйшае пакаленне з гонарам і годнасцю выканала сваю гістарычную місію - разам з Вялікай Перамогай абараніла дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць. Наш святы абавязак захаваць гэта, зрабіць незваротным, гарантаваць права цяперашняму і наступным пакаленням быць паўнапраўнымі гаспадарамі на сваёй зямлі.
Усе навіны